Украінцы адказваюць атакамі на расійскую інфраструктуру ў тылу. Гэта разумны ход, зазначае польскі вайсковы эксперт.
Пры канцы мая Расія актывізавала паветраныя ўдары па Украіне. Так 25-га мая расіяне атакавалі Украіну амаль 300 беспілотнікамі «Шахед» і больш за 60 ракетамі. Гэта быў адзін з самых масіраваных паветраных нападаў. Расіяне нанеслі ўдары па сталіцы Украіны і большай частцы ўкраінскіх рэгіёнаў. Загінулі некалькі мірных жыхароў, у тым ліку дзеці. На пачатку чэрвеня агрэсар атакаваў Харкаў балістычнымі ракетамі і беспілотнікамі «Шахед». Таксама расійская армія абстрэльвае Запарожскую вобласць, Сумскую вобласць, Мікалаеў і Адэсу.
Расія ўзмацняе атакі, імкнучыся выкарыстаць перавагу над Украінай, кажа польскі генерал у адстаўцы, прафесар Багуслаў Пацэк.
— Сітуацыя вельмі кепская, а адзіная дапамога ад Захаду – гэта хуткія ды моцныя санкцыі, каб Расія адчула наступствы. Аднак гэтага няма, цяперашнія абмежаванні Расія ў стане вытрымаць нават да канца года і больш, калі спатрэбіцца.
Украінцы імкнуцца ўтрымаць фронт ды адказваюць асіметрычнымі ўдарамі. На днях Служба бяспекі Украіны пашкодзіла Крымскі мост, які злучае акупаваны Крым з Расіяй. Побач з апорай мосту спрацавала выбухоўка. Магчыма, украінцы выкарысталі падводныя беспілотнікі для ўдару, распавёў украінскі ваенны эксперт Уладзіслаў Селязнёў у эфіры КИЇВ24.
— Украіна мае цяпер дзве распрацоўкі: падводны баявы дрон «Талака», які можа пераносіць да 500 кілаграм выбухоўкі, і дрон «Марычка» з баявой часткай у тысячу кілаграм у трацілавым эквіваленце.
У выніку расійская тэхніка пакуль не можа перамяшчацца па Крымскім мосце, заўважыў былы кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны Мікалай Маламуж.
Расіяне заяўляюць, што мост не пашкоджаны, але некалькі разоў спынялі рух па мосце за ўчорашні дзень. На гэта звярнуў увагу сябра Меджлісу крымскататарскага народу Іскандэр Барыеў, спасылаючыся на паведамленні з Крыму.
— Учора Расійская Федэрацыя некалькі разоў блакавала Крымскі мост, але расійскія СМІ распаўсюджвалі фэйкавыя навіны пра абломкі беспілотніка. Акупантам важна, каб усе верылі, што сітуацыя пад кантролем і што ў Крыме нібыта спакойна.
Падрыў крымскага мосту - гэта не адзіная паспяховая акцыя ўкраінцаў у тыле ворага за апошнія дні. У нядзелю ўкраінцы зладзілі атаку дронамі на расійскія аэрадромы стратэгічнай авіяцыяй. У выніку знішчана і пашкоджана 12 самалётаў. Украіна павінна бараніцца ад Расіі, атакуючы яе авіябазы і базы беспілотнікаў. Такое меркаванне выказаў былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы генерала Станіслаў Козей.
— Барацьба з ракетамі і дронамі выключна пры дапамозе сродкаў супрацьракетнай абароны вельмі дарагая справа, лепш атакаваць авіяцыйныя базы і склады ракет, пускавыя ўстаноўкі і так далей. Гэта наступальнае скарачэнне ракетнага і дронавага патэнцыялу Расіі, што ёсць больш эфектыўным метадам чым СПА.
Цяпер Расія паспрабуе нанесці ўдар у адказ. Расіяне ўжо б'юць па Сумах, Херсоне. Але яны могуць падрыхтаваць нешта больш сур'ёзнае, непакоіцца — вайсковец у адстаўцы Ігар Раманенка.
Пэўную надзею на змену сітуацыі ва Украіне эксперты бачаць у раздражненні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які ўсё больш злуецца на Уладзіміра Пуціна, што той ігнаруе амерыканскія мірныя прапановы. У апошнія дні Вялікабрытанія, Германія, Францыя і ЗША знялі абмежаванні на выкарыстанне зброі, перададзенай Украіне.
Юры Ліхтаровіч