Вы гандлюеце ў сеціве, купляеце на папулярных маркетплейсах, а можа гуляеце ў віртуальныя гульні з іншымі гульцамі? Гэта папулярныя дзеянні, якія нікога не здзіўляюць, яны сталі прывычнымі і штодзённымі. Тым не менш, неабходна падчас іх захоўваць асцярожнасць, бо менавіта ў сеціва перанеслі ў вялікай ступені сваю дзейнасць розныя махляры.
Усё менш злодзеяў аперыруе на вуліцах гарадоў, займаецца кішэннымі або кватэрнымі крадзяжамі, паколькі махлярства ў сеціве значна больш бяспечнае і прыносіць большы даход. Аб гэтым неабходна памятаць усім нам, калі не хочам стаць ахвярай махляра.
Фонд пад назваю Think! (Думай!) рэалізуе агульнанацыянальную інфармацыйную кампанію ў СМІ, якая называецца «Бяспечныя злотыя». Асноўная мэта - павышэнне вопыту і асцярожнасці жыхароў краіны ў галіне фінансавай кібербяспекі, а таксама заахвочванне, каб людзі шукалі інфармацыю з надзейных крыніц.
Кампанія праходзіць з чэрвеня па лістапад бягучага года, яна арыентаваная на розныя ўзроставыя групы - ад 13 гадоў і старэйшых. Матэрыялы прадстаўленыя ў прывабных формах, у тым ліку гэта падкасты, інфаграфіка, відэа, радыёперадачы, рэкламныя ролікі ў традыцыйных СМІ або паведамленні ў сацыяльных сетках. На вэб-сайце будзе сабраны ўвесь кантэнт, падрыхтаваны падчас кампаніі.
Старшыня фонду Think! Анна Біхта (Anna Bichta) адзначае, што кампанія будзе вучыць, між іншым, як абараніць сябе ад махляроў і што рабіць, калі грошы апынуцца пад пагрозай.
— Маштаб кібернападаў здзіўляе нават спецыялістаў па кібербяспецы, якія дадзенай праблемай займаюцца ўжо шмат гадоў. Гаворка пра напады, якія праводзяцца з мэтаю вымантачыць грашовыя сродкі – гэта на англійскай мове называецца scam. Адзіным вырашэннем гэтай праблемы можа быць адукацыя грамадства. Неабходна развіваць уменні абслугоўвання лічбавых тэхналогій і павышаць адукаванасць спажыўцоў.
Калі вы жывяце ў Польшчы, вы напэўна не раз сустракаліся са спробай выцягнуць з вас інфармацыю – часта звоняць быццам бы кансультанты з розных банкаў, якія паведамляюць, што з вашага рахунку хтосьці нібыта перавёў грошы і просяць паведаміць вашы дадзеныя, каб яны маглі правесці “праверку”. Таксама часта спробы ашуканства здараюцца, калі хтосьці прадае або купляе тавары, нават самыя дробныя, на маркетплейсах. Махляры высылаюць інтэрнэт-спасылкі, якія вядуць на сайты, якія могуць выкрадаць дадзеныя карыстальніка, які на такі сайт увойдзе.
Махлярства звычайна адбываецца па тэлефоне, праз тэкставыя паведамленні, электронную пошту і сацыяльныя сеткі – папярэджвае Анна Біхта і дадае:
— Мы не хочам пужаць людзей, гэта не з’яўляецца нашай мэтай. Мы хочам аказваць падтрымку, быць інспірацыяй і крыніцай адукацыі. Наша кампанія базіруецца на гісторыях людзей, якія сталі ахвярамі кібермахляроў у сеціве і страцілі свае фінансавыя сродкі. Кожны аповед, кожная інфармацыя становіцца цаглінкай у пабудове свядомага і бяспечнага грамадства. Карыстальнікі ў рамках кампаніі змогуць скарыстацца адукацыйнымі матэрыяламі ды артыкуламі, якія былі напісаны разам з шырокім колам экспертаў.
На сайце апісана гісторыя Эвеліны, якая наймае турыстам пакоі ў сваіх кватэрах у Польшчы. Аднойчы яна атрымала электронны ліст, у якім хтосьці пісаў, што быццам бы забыў у кватэры свой пашпарт і прасіў зрабіць сканаванне і выслаць на прыведзены адрас – у лісце была спасылка, якая выклікала падазрэнні Эвеліны. Яна ўспомніла, што раней чытала гісторыю іншага ўладальніка кватэры, які атрымаў ліст з платформы, дзе можна браніраваць нумары. У лісце ішла гаворка аб тым, што госць быццам бы пакінуў негатыўны каментарый, на які трэба адказаць. Не доўга думаючы, уладальнік націснуў на спасылку і трапіў на сайт махляроў. У выніку страціў дадзеныя і грошы з рахунку. Эвеліна ўспомніла гэтую гісторыю і не перайшла па спасылцы, затое паведаміла пра падазроны ліст адміністрацыі сайта праз адмысловае прыкладанне. Яна адзначае, што ў гэтым бізнесе ўжо недастаткова мець чыстыя нумары і добрыя намеры, а бяспека не заканчваецца на замку ў дзвярах. Трэба заўсёды памятаць пра прынцыпы абмежаванага даверу да іншых людзей, асабліва да лістоў на электроннай пошце.
Эвеліна прыводзіць свае прынцыпы бяспечнага сеціва:
— правярай адрас, з якога прыйшла карэспандэнцыя. Сапраўдныя навіны прыходзяць з афіцыйных адрасоў дадзенай арганізацыі.
— не прымай рашэння пад уплывам эмоцый.
— ніводная сістэма не павінна выключаць асцярожнасці.
— неабходна паведамляць пра падазроныя мэйлы, нават калі нічога дрэннага не здарылася.
Кампанія «Бяспечныя злотыя” фінансуецца з Фонду фінансавай адукацыі, якім кіруе Міністэрства фінансаў, а зладзіў яе Фонд THINK!
IAR/нг