Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Кітай спыніў продаж дронаў ва Украіну і іншыя еўрапейскія краіны, адначасова працягваючы пастаўкі ў Расію, — спасылаючыся на амерыканскае выданне Bloomberg, піша польскі партал money.pl.
Украінскі лідар адзначыў, што кітайскія дроны Mavic даступныя для расіян, што выклікае занепакоенасць сярод еўрапейскіх саюзнікаў. Дроны Mavic, папулярныя сярод грамадзянскага насельніцтва, могуць быць перапрацаваныя для ваенных патрэб, што робіць іх важным элементам у вайне ва Украіне.
Іх здольнасць весці назіранне і наносіць удары змяняе тактыку вядзення баявых дзеянняў, што мае вырашальнае значэнне для абодвух бакоў канфлікту.
Паводле еўрапейскіх чыноўнікаў, Кітай скараціў пастаўкі кампанентаў для дронаў у заходнія краіны і адначасова павялічыў пастаўкі ў Расію. Пекін заяўляе, што кантралюе экспарт тавараў двайнога прызначэння, аднак такія дзеянні выклікаюць сумневы адносна сапраўдных намераў Паднябеснай.
эж